Малыя і сярэднія прадпрыемствы (МСП) ва ўсходніх краінах-партнёрах маюць патэнцыял у значнай ступені спрыяць стварэнню працоўных месцаў і эканамічнаму росту ў цэлым. Аднак яны па-ранейшаму сутыкаюцца з цяжкасцямі, якія перашкаджаюць ім поўнасцю рэалізаваць свой патэнцыял. Такімі цяжкасцямі з’яўляюцца: абмежаваны доступ да фінансавых рэсурсаў, абмежаванні ў доступе да новых рынкаў, пастаянныя змяненні ў сувязі з новым, няўстойлівым і складаным заканадаўствам, адсутнасць адпаведных навыкаў, каб развіваць свой бізнес, і цяжкія ўмовы дзейнасці, якія ўключаюць высокія стаўкі падаткаў, карупцыю, бюракратыю і палітычную нестабільнасць.
Па прычыне гэтых цяжкасцей у 2009 годзе была распачата ініцыятыва МСП Flagship. Яна ахоплівала ўсе рэгіянальныя праграмы, якія атрымліваюць фінансаванне ад ЕС. У 2016 годзе ініцыятыва МСП Flagship была перайменавана ў EU4Business. Цяпер яна таксама ўключае двухбаковыя праекты па аказанні дапамогі, якія непасрэдна накіраваны на МСП і арганізацыі па падтрымцы прадпрымальніцтва.
Першая зводная справаздача EU4Business апублікавана Сакратарыятам EU4Business, створаным для падтрымкі Генеральнага дырэктарата па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства (DG NEAR). У справаздачы змешчаны наступныя звесткі:
- прыгадваецца час, калі ініцыятыва EU4Business толькі пачыналася, і ацэньваецца яе шматгадовае развіццё;
- аналізуецца ўзгодненасць EU4Business з палітыкай краін Усходняга партнёрства ў дачыненні да МСП з улікам дасягненняў кожнай краіны;
- ацэньваюцца праграмы і праекты EU4Business, рэалізаваныя ў 2009–2016 гг., і аналізуюцца іх вынікі;
- акрэсліваецца шлях развіцця EU4Business, які з’яўляецца хутчэй матэрыялам для разважанняў, чым жорсткімі рэкамендацыямі.
Аўтары зводнай справаздачы EU4Business засноўвалі свой аналіз на стратэгічных дакументах ЕС, якія тычацца падтрымкі МСП у краінах Усходняга партнёрства. У дакуменце выкарыстоўваюцца даныя, узятыя з міжнародных і нацыянальных крыніц, галоўным чынам з шасці дакладаў краін-удзельніц EU4Business за 2017 год.
Аналіз дасягненняў засноўваецца на ацэнцы больш чым 200 праграмных і праектных дакументаў, у асноўным прамежкавых справаздач, зробленых партнёрамі-выканаўцамі.
Першую зводную справаздачу EU4Business можна разглядаць як жывы дакумент: па меры павелічэння тэмпаў EU4Business частотнасць маніторынгу і каардынацыі змяненняў будзе ўзрастаць.