You are using an outdated browser. Please upgrade your browser to improve your experience.
Уверх

Плануючы будучыню бізнесу, важна абапірацца на якасныя маркетынгавыя даследванні і бесстаронняе меркаванне спецыяліста. Менавіта па такую дапамогу звярнуўся ў праграму «Кансультацыі для малога бізнесу»  Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) Дзмітры Крылоў, гаспадар адзінай у Беларусі племянной казінай фермы «ДАК». Праграма – частка ініцыятывы EU4Business, што ажыццяўляецца пры фінансаванні Еўрасаюза.

Гэта супрацоўніцтва дапамагло яму прыняць рашэнне – павялічыць гаспадарку ў два разы і ўзяцца за ажыццяўленне рэвалюцыйнага для Беларусі, ды і ўсяго рэгіёна, праекта. Але спачатку крыху перадгісторыі.

Усё пачалося з капусты

Фермерскую гаспадарку «ДАК», што месціцца непадалёк ад пасёлка Фаніпаль (Дзяржынскі раён, Мінскай вобласці) можна смела назваць унікальнай. Яе гаспадар, Дзмітры Крылоў, інжынер па адукацыі і прадпрамальнік-наватар па пакліканні, разам з жонкай Галінай вырашыліся стаць фермерамі напрыканцы 1990-х гг. Толькі праз гады працы і спроб прабіцца на рынак, у 2004 г., яны здолелі знайсці сваю нішу і прапанаваць кліентам эксклюзіўны прадукт.

Сёння ў «ДАК» вырабляюць найсмачнейшы казіны сыр па рэцэптах XII cт., ёгурт і сам сыходны прадукт, якія можна замовіць праз сайт і атрымаць з кур’ерам або знайсці на паліцах буйных сеткавых супермаркетаў Беларусі.

Аднак да таго, як вырасці ў племянную ферму на 1000 коз, дзе працуюць 20 чалавек, яе гаспадарам давялося прайсці доўгі шлях. Пачалося ўсё з вырошчвання гародніны, у тым ліку і капусты. Пазней пераключыліся на свінагадоўлю, але, на жаль, праз канкурэнцыю з больш танным імпартаваным прадуктам ад гэтай ідэі давялося адмовіцца. Фермеры не здаваліся, актыўна вывучалі сітуацыю і зразумелі, што ніша з казіным малаком у Беларусі не занятая. У 2004 г., натхніўшыся новай ідэяй, яны распрадалі апошніх свіней і пачалі набываць коз у насельніцтва. Паколькі досведу ў заводчыкаў зусім не было, з 80 жывёл перазімавалі толькі 12, і стала зразумела, што каб справа пайшла, неабходна займацца селекцыяй сур’ёзна. Так, у 2006 г. першых коз Зааненскай, самай малочнай у свеце пароды, завезлі з Латвіі. Першапачаткова фермеры збірался здаваць малако на перапрацоўку, але цана, якую прапаноўвалі пасярэднікі, не апраўдвала ўтрымкі жывёлы. Таму з 2014 г. на ферме заняліся вытворчасцю: спачатку паехалі павучыцца ў суседнюю Польшчу, а ўжо праз паўгода атрымалі дазвол на варку сыру.

Штодзень на ферме атрымліваюць каля 1,5 тон малака, з 400 літраў можа выйсці ад 80 да 100 кілаграмаў сыру, таму беларускім гурманам трэба яшчэ пастарацца, каб паспець замовціь прадукт. Частка сыру ідзе на экспарт у Расію, у Маскву, але ўдачу можна паспытаць ў крамах «Карона».

Заатэхнікі на ферме кажуць, што каза – істота сацыяльная і чуллівая. Таму жывёл тут даглядаюць вельмі пільна. Супрацоўнікі фермы рэгулярна падвышаюць кваліфікацыю, Дзмітры і Галіна наведваюць спецыялізаваныя мерапрыемствы, прысвечаныя козагадоўлі за мяжой, у тым ліку ў Францыі і Нідэрландах. У гаспадарцы на пастаяннай аснове працуе ветэрынар, а за падбор персаналу адказвае сама гаспадыня, сочыць за тым, каб у камандзе не апынулся людзей выпадковых. У мінулым выкладчыца, яна жартуе, што раней выхоўвала дзяцей, а цяпер, – казлянят і… супрацоўнікаў.   

Што людзям дапамагае

Мы размаўляем з Галінай і Дзмітрыем Крыловымі пра тое, як яны наважыліся паехаць з горада, што іх натхняе, і як ўдзел у еўрапейскай праграме «Кансультацыі для малога бізнесу» дапамог рушыць далей. Жонка фермера кажа, што ўжо і адвыкла ад мітусні і шуму мегаполіса, што ёй даспадобы прасторы, працаваць з людзьмі і жывёламі, а матывуе ўдзячнасць людзей, якіх «выратавала казінае малако». «Калі я бачу, як летам да нас прыязджаюць дзеткі, чые твары яшчэ паўгода таму былі ў чырвоных плямінах ад алергіі, а сёння чысцюткія, я цешуся, што наша малако змагло ім дапамагчы», – кажа Галіна.

А вяртаюцца на ферму не толькі па малако, але і каб паспрабаваць адну цікавостку – кукурузны лабірынт «Кукуполіc». Ідэю парка забаваў у фермерскім стылі Дзмітры Крылоў падгледзеў у часе адукацыйнага візіту ў ЗША, і сёлета адбудзецца адкрыццё ўжо трэцяга сезону «Кукуполісу». З размовы з ім робіцца зразумела, хто з’яўляецца наватарам і натхняльнікам праектаў фермы. Яшчэ на пад’ездзе да «ДАК», я заўважаю няскончаную новабудоўлю, на маё пытанне Дзмітры дзеліцца сваімі грандыёзнымі планамі. Пагалоўе коз плануюць павялічыць да 2.000, а ў новым будынку можна будзе перапрацоўваць да 5 тонн малака ў суткі. Менавіта дзякуючы дапамозе спецыялістаў у межах праграмы ЕБРР «Кансультацыі для малога бізнесу» для фермы было праведзена маркетынгавае даследаванне, і па яго выніках прынятае рашэнне.

«Нам трэба было зразумець, што рабіць: пашырацца далей або паляпшаць тое, што ёсць. У выніку, прынялі рашэнне пашырацца, наймаць новых людзей. Дапамога праграмы паспрыяла таму, каб рухацца далей», – адзначае Дзмітры. А гаворка тут ідзе не пра простае пашырэнне статку. У новым комплексе плануюць стварыць дзве лабараторыі: па транспланталогіі эмбрыёнаў і па штучным асемяненні коз. «У новым комплексе ўсё будзе аўтаматызаванае, і жывёлам там будзе добра», – запэўнівае ён. Лабараторыі патрэбныя дзеля таго, каб палепшыць эфектыўнасць селекцыі. Ідэю фермер зноў падгледзеў пад час аднаго са сваіх адукацыйных тураў. «Для таго, каб атрымаць якасны прадукт, кажа Дзмітры, патрэбна здаровая жывёла з добрай генетыкай і добры догляд. Адна каза ў натуральных ўмовах здольная прынесці адну козачку на год, таму, каб атрымаць статак, спатрэбіцца 7 год. Паскорыць працэс дапаможа штучнае асемяненне і імплантацыя эмбрыёнаў». Таксама ў комплексе плануюць усталяваць карусельную дойку, што дазволіць за дзве гадзіны атрымліваць па паўтары тонны малака (для параўнання цяпер з дапамогай аўтаматычнага даільнага апарату за такі ж прамежак часу атрымліваюць усяго 500 літраў). Каб завяршыць задуманае фермеру неабходны яшчэ паўмільёны долараў інвестыцый. Ужо праз два гады пасля старту гэты ўнікальны для Беларусі праект можна будзе пачаць маштабаваць.

«Для нас важныя тры складнікі, падсумоўвае Дзмітры, здаровы прадукт, здароўе людзей і захаванне прыроды». Менавіта вера ў слушнасць абранага шляху, а таксама любоў да навізны і імкненне рабіць тое, чаго ў краіне яшчэ ніхто да яго не рабіў, і натхняе Дзмітрыя Крылова на цяжкую працу кожны дзень.

Аўтар: Алена Ліс
Матэрыял падрыхтаваны у рамках ініцыятывы «ЕU4Business»

******************

Фінансаваная Еўрасаюзам ў межах ініцыятывы EU4Business праграма ЕБРР «Кансультацыі для малога бізнесу» працуе з 2010 па 2019 гг. У шасці краінах «Усходняга партнёрства», улучаючы Беларусь. У 2017 г. быў запушчаны працяг праграмы – «Кансультацыі для малога бізнесу ў Беларусі». Праграма ўмацоўвае канкурэтназдольнасць малых і сярэдніх прадпрыемстваў (МСП), якія працуюць у розных сектарах, з фокусам на рэгіянальнае развіццё. Яна дапамагае палепшыць прадпрымальніцкія навыкі, фінансавую дасведчаннасць і здольнасць бізнесаў адаптавацца да змяненняў рынку ўнутры і па-за межамі Беларусі, ўмацоўвае патэнцыял МСП на мясцовым і раённым узроўнях, дапамагае павялічваць іх уклад у эканоміку краіны. Праграма прапануе гранты ў памеры да 10.000 еўра, што выдаткоўваюцца на ўмовах сафінансавання на аплату неабходнага прадпрыемствам прафесійнага кансультавання, тым самым развіваючы гэты від паслуг на мясцовых рынках. С пачатку дзеяння праграмы з яе дапамогай палепшыць свае бізнесы змаглі 350 беларускіх прадпрыемстваў.

Апошнія Гісторыі поспеху
by
22.02.2022
Фабрыка трыкатажу з Беларусі стала партнёрам люксавых брэндаў адзення дзякуючы ўдзелу ў праекце Ready to Trade — an EU4Business Initiative, які рэалізуюць Цэнтр прасоўвання імпарту з краін, якія развіваюцца (CBI) і Цэнтр міжнароднага гандлю (ITC). Зараз у маленькай краіне шыюць адзенне, якое ў якасці не саступае еўрапейскім патрабаванням. У той жа час, яго вытворчасць танней, а дастаўка займае значна менш часу, чым з Кітая.
by
08.02.2022
На дадзены момант толькі каля 6% ад усiх адміністрацыйных працэдур для бізнэсу ў Беларусі могуць быць выкананы ў электроннай форме, для астатнiх 94% прадпрымальнікi павінны наведваць розныя ўрадавыя установы.
by
28.12.2021
Пра тое, як на фермераў Беларусі ўплывае глабальнае пацяпленне, і якія ў гэтым плюсы і мінусы, мы даведаліся ад Надзеі Абашынай, уладальніцы адной з першых у Беларусі сялянска-фермерскiх гаспадарак.

Cookies
Гэты сайт выкарыстоўвае файлы cookie для паляпшэння працы ў браузеры. Даведацца болей
Я адмаўляюся
Я дазваляю