You are using an outdated browser. Please upgrade your browser to improve your experience.
Уверх

Некалькі месяцаў таму на беларускім прадпрыемстве «ЭкаПак», што непадалёк ад Гродна, у межах праграмы Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) «Кансультацыі для малога бізнесу ў Беларусі» ўвялі сістэму аўтыматызаванага кіравання вытворчасцю «Гальфстрым». Дапамога ў аплаце на ўстаноўку праграмнага забеспячэння (60% ад агульнай сумы) у межах ініцыятывы «EU4Business», што фінансуецца Еўрасаюзам, сталася вельмі дарэчы маладым бізнесоўцам, Аляксандру Данілаву і Ўладзіславу Казлоўскаму, чыё прадпрыемства па вытворчасці ўпакоўкі для садавіны і гародніны за няпоўныя тры гады вырасла амаль у шэсць разоў.

Сёння на «ЭкаПаку» пазменна працуюць 120 чалавек, з іх 100 – у цэху. За змену адзін працоўны ці працоўная могуць вырабіць да 1000 малых або 300 вялікіх кошыкаў. У якасці матэрыялу выкарыстоўваецца асіна – прыродны антысепцік, што дазваляе захоўваць садавіну і гародніну свежымі доўга. Працэс вытворчасці – экалагічна чысты, а ўпакоўка цалкам раскладаецца ў прыродзе.

Чаму не мы?

Партнёры па бізнесе і сябры ў жыцці Аляксандр ды Ўлад распавядаюць пра тое, як усё пачыналася. «Калі не лічыць бізнес-мадэлі «набудзь-прадай», грыбоў там, ровараў», –  узгадваюць яны, – дык вытворчасцю заняліся у 2008 г. Тады пачалі вырабляць картонныя скрыні, таму што як іх рабіць, ведаў Улад». Сябры ўклалі ў толькі паўсталы бізнес усё, што маглі, а працаваць пачыналі калектывам з чатырох чалавек. Таму цяпер, калі неабходна ўводзіць чарговую навінку, распрацоўваюць яе самастойна, – звычка. Першапачаткова працавалі дзякуючы крэдытам і, калі нешта заставалася пасля аплаты банкаўскіх адсоткаў, адразу ж рэінвеставалі.

У 2015 г. партнёры адкрылі кампанію па міжнародных перавозках і аднойчы, вяртаючыся з грузам у драўляных кошыках у Беларусь, падумалі: «А чаму б самім не пачаць рабіць такую ўпакоўку?» Так паўстала прадпрыемства «ЭкаПак», а ў 2016 г. пачалася вытворчасць. Каб знайсці першага кліента, прадпрымальнікі пачалі тэлефанаваць у польскія фірмы і хутка дамагліся поспеху. Менавіта да свайго перашага кліента ў Польшчу і паехалі па навучанне: там паказалі, як вырабляць кошыкі, як іх правільна грузіць і перавозіць. Пазней, праз інтэрнэт, знайшлі і іншых партнёраў. Сёння 95 % вырабленай прадукцыі ідзе ў Францыю, астатняе – у Іспанію ды Германію. Галоўным чынам фірма працуе для патрэбаў сельскай гаспадаркі, вытворцаў садавіны і гародніны. Магчыма, сёлета атрымаецца выйсці на два мільёны еўра ў абаротах. Можна было б пашыраць вытворчасць і далей, але для гэтага неабходныя інвестыцыі, каб набыць новае абсталяванне і арэндаваць дадатковыя плошчы. «Ну і людзей, натуральна, трэба будзе наймаць больш», – адзначае Аляксандр.

З «Гальфстрымам» спрытней

Бізнес, які расце, патрабуе эфектыўнага менеджменту. Сёння ўпарадкаваць улік працоўнага часу, правільна размеркаваць нагрузку паміж супрацоўнікамі, захоўваць уліковую і тэхнічную дакументацыю ў адным месцы і эфектыўна весці кліенцкую базу дамапагае праграма «Гальфстрым».  «Ужо адчулі розніцу, – адзначае Ўлад. – Калі раней майстар размяркоўваў заданні  прыблізна, дык цяпер аналізуе звесткі, што ўносяцца ў праграму, а супрацоўнікі разумеюць, што ад іх чакаюць, адпаведна і эфектыўнасць іх працы вышэйшая». «Калі ўпершыню пачулі пра праграму ЕБРР «Кансультаванне для малога бізнесу», не маглі паверыць, што такое магчыма», – кажа Аляксандр, – А атрымалася так, што дакументы сабралі цягам двух месяцаў, і вось цяпер працуем па-новаму, вельмі зручна. Можна аддаваць увесь час кошыкам, а не пошукам інфармацыі».

Як і многім прадпрымальнікам, Уладзіславу і Аляксандру падабаецца зведваць новае. Скарыўшы ўпакоўку, сябры задумаліся пра тое, каб пачаць вырабляць посуд для кейтарынгавых кампаній – цяпер гэты напрамак робіцца запатрабаваным. На працоўным стале ў кабінеце, дзе мы размаўляем, ужо ляжаць акуратныя ўзоры відэльцаў ды лыжак са шпону.

Вельмі натхняюць бізнесоўцаў камандзіроўкі да кліентаў, адкуль яны прывозяць не толькі новыя кантракты, але і новыя ідэі. Таксама любяць вучыцца, пасля працоўнай паездкі на поўдзень Францыі, напрыклад, узяліся вывучаць французскую мову, каб больш эфектыўна камунікаваць з кліентамі.

У калектыве прадпрыемства працуюць людзі рознага ўзросту, жанчын больш, чым мужчын. Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў – 45 гадоў, ёсць і работкнікі стэрэйшыя 60 гадоў, а вось спецыялісткай па збыце і экспертам па кадрах працуе нядаўняя выпускніца Марыя Шамко, для якой гэта месца працы – першае. Яна адзначае, што працаваць ёй лёгка, асабліва пасля ўвядзення «Гальфстрыма», кажа, што кіраўнікі заахвочваюць дадатковую адукацыю і нават натхняюць уласным прыкладам – Марыя таксама вырашыла вывучаць французскую мову. На прадпрыемстве радыя прымаць і навучаць не толькі маладых спецыялістаў і вопытных супрацоўнікаў, але і людзей з асаблівымі патрэбамі. Улад і Аляксандр адмыслова рассылалі прапановы працы ў арганізацыі, якія займацюцца праблемамі людзей з інваліднасцю. «ЭкаПак» прапанаваў ім вытворчую практыку і працоўныя месцы. Два чалавекі з інваліднасцю ў выніку засталіся працаваць стала.

Мы з Аляксандрам ідзём па вытворчаму цэху, каб зрабіць колькі здымкаў для гэтага артыкула і як толькі знаходзім прыдатнае для партрэту месца, работнікі пачынаюць жартаваць, што чаму ж гэта начальнік для фота касцюм з гальштукам не апрануў. Бачна, што атмасфера ў калектыве спрыяльная, і працуюць тут зладжана і з імпэтам. 

**********************************

Фінансаваная Еўрасаюзам ў межах ініцыятывы «EU4Business» праграма ЕБРР «Кансультацыі для малога бізнесу ў Беларусі» працуе з 2011 года як рэгіянальная ініцыятыва ў шасці краінах «Усходняга партнёрства», уключаючы Беларусь, і з 2017 года як нацыянальная праграма. У 2017 г. быў запушчаны працяг праграмы – «Кансультацыі для малога бізнесу ў Беларусі ў Беларусі». Праграма ўмацоўвае канкурэтназдольнасць малых і сярэдніх прадпрыемстваў (МСП), якія працуюць у розных сектарах, з фокусам на рэгіянальнае развіццё. Яна дапамагае палепшыць прадпрымальніцкія навыкі, фінансавую дасведчаннасць і здольнасць бізнесаў адаптавацца да змяненняў рынку ўнутры і за межамі Беларусі, ўмацоўвае патэнцыял МСП на мясцовым і раённым узроўнях, дапамагае павялічваць іх уклад у эканоміку краіны. Праграма прапануе гранты ў памеры да 10.000 еўра, што выдаткоўваюцца на ўмовах сафінансавання на аплату неабходнага прадпрыемствам прафесійнага кансультавання, тым самым развіваючы гэты від паслуг на мясцовых рынках. Для кампаній, якія імкнуцца канкурыраваць на міжнародных рынках, праграма дае ноу-хау веды ад высокакваліфікаваных міжнародных галіновых экспертаў. С пачатку дзеяння праграмы з яе дапамогай палепшыць свае бізнесы змаглі 350 прадпрыемстваў.

 

Алёна Ліс

Матэрыял падтрыхтаваны ў межах ініцыятывы «EU4Business»

 

Апошнія Гісторыі поспеху
16.06.2020
Зараз брэнд жаночага адзення Nelva налiчвае 250 супрацоўнiкаў, 14 магазiнаў i тысячы прыхiльнiкаў па Беларусi, Расii i Украiне.
17.11.2019
Гісторыя беларускага брэнда адзення Mark Formelle паказвае: поспех прыходзіць да самых адважных.
05.11.2019
Праграмісты прыдумалі эфектыўныя лекі ад «банэрнай слепаты» у людзей.