You are using an outdated browser. Please upgrade your browser to improve your experience.
Уверх

Праект Еўрапейскага саюза дапамог за год вывесці клуб мясцовых бізнэсмэнаў на новы ўзровень — ад нефармальнай супольнасці прадпрымальнікаў да афіцыйнага цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва. Зараз у ім знаходзяцца больш за 150 актыўных бізнесменаў, якія дзеляцца сваім вопытам і ведамі з іншымі, а таксама наладжваюць дыялог бізнесу і органаў дзяржаўнага кіравання.

«Прадпрымальнік — гэта не прафесія, а стаўленне да жыцця»

Жыхар Кобрына Сяргей Панасюк пачынаў з таго, што дапамагаў бацькам прадаваць выгадаваную на прысядзібным участку гародніну. Кажа, што пачынаючы з 10 гадоў «нырнуў» у прадпрымальніцтва, тады ж і навучыўся рабіць свае першыя грашовыя назапашваннi. З першага курса ВНУ пачаў займацца прадпрымальніцтвам. Спачатку некалькі гадоў працаваў па найму, а потым адкрыў свой першы кампутарны сэрвiс і стаў займацца ўжо не толькі сэрвісам, але і продажам кампутарнай тэхнiкi.

«Прадпрымальнік — гэта не прафесія, гэта стаўленне чалавека да жыцця. Гэта людзі, якія не баяцца браць адказнасць. Калі ты сапраўды любіш сваю справу, то надвор'е на вуліцы цябе мала цікавіць, у цябе проста няма часу на пракрастынацыю!» — тлумачыць прадпрымальнік.

З адкрыццём сваёй паўнавартаснай справы стала ясна, што прафесійных ведаў катастрафічна не хапае. Так прыйшла ідэя наведваць бізнес-трэнінгі і канферэнцыі ў сталіцы і суседніх краінах. 

«Асноўнае, што мне далі тады бізнес-трэнінгі — гэта карысныя знаёмствы. Але ўжо вельмі хутка я зразумеў, што не магу пазнаць там нічога новага — матэрыял адзін і той жа, толькі кожны раз іншымі словамі. Мне патрэбныя былі не веды, а рэальны практычны вопыт іншых прадпрымальнікаў, — узгадвае Сяргей. — Самы вялікі падатак для пачаткоўца-прадпрымальніка — гэта падатак на «глупства», калі з-за няведання і адсутнасці вопыту губляецца добрая магчымасць, час і грошы».

За парадай прадпрымальнік пайшоў да тых, хто ўжо «набіў гузакоў» і не жадае таго ж шляху пачаткоўцам. Калі на гарызонце з'яўляўся моцны бізнесмен аналагічнага профілю, Сяргей звязваўся з ім і дамаўляўся на экскурсію па яго прадпрыемстве для абмену вопытам, каб скараціць свой шлях да поспеху. На дапамогу прыходзілі бізнесмены з суседніх краін, якія не бачылі ў Сяргеi з Беларусі канкурэнта.

«Я ўсё здымаў на відэа, каб потым прааналізаваць, таму што пад уражаннем ты многае прапускаеш. Потым паказваў ўбачанае сваім супрацоўнікам і партнёрам, нешта ўжываў адразу на практыцы. Гэта было узаемавыгаднае супрацоўніцтва: бізнесмены таксама потым тэлефанавалі і дзякавалі. Казалі, што я дапамог ім разглядзець праблемныя зоны, якія раней яны проста не заўважалі. Бо калі ходзіш па сваім прадпрыемстве кожны дзень, вока "замыльваецца"»..

«Нас называлі "Бiзнэсовыя кабрынчане"»

Далей прадпрымальніку захацелася развіваць не толькі свой бізнес, але і дапамагаць іншым, аб'ядноўваць бізнесменаў Кобрына. Ідэя здавалася простай і геніяльнай адначасова: патэлефанаваць усім знаёмым актыўным прадпрымальнікам і проста паклікаць іх на сустрэчу.

«У спісе ў мяне апынулася больш за 300 кантактаў, большасць з якіх прадпрымальнікі і кіраўнікі. Пры гэтым я разумеў, што трэба клікаць людзей, бізнэс якіх не канкурыруе напрамую», — кажа Сяргей.

На першую сустрэчу «Школы Бізнесу» прыйшло 12 не знаёмых адзін аднаму чалавек. Бізнесмены разбіралі канкрэтныя кейсы, «старажылы» дзяліліся вопытам з пачаткоўцамі, людзі хадзілі адзін да аднаго на прадпрыемствы. Фармат настолькі прыжыўся і спадабаўся людзям, што на працягу наступнага года сустрэчы праходзілі штотыдзень кожны аўторак. Колькасць удзельнікаў за год склала больш за 80 чалавек, але «касцяк» заставаўся нязменным. Кіраваў усім Сяргей Панасюк.

«У нашым горадзе раней так ніхто не рабіў, многія пра нас ведалі і называлі "Бiзнэсовыя кабрынчане"», — смяецца Сяргей.

З часам у «Школы Бізнесу» з'явілася новая праблема: многія пытанні супольнасць не магла вырашыць самастойна, як і задаць іх напрамую ў дзяржорганы, бо ня мела афіцыйнага статусу.

«Я разумеў, што трэба пераходзіць з хобі на нешта больш афіцыйнае, але гэта дадатковы час і адказнасць, якія маглі прывесці да таго, што табе ўжо стане "трэба" рабіць, а не "хочацца" рабіць».

Цяпер у «Школе Бізнесу» ужо больш за 150 прадпрымальнікаў Кобрына і раёна, 80% з іх — мясцовыя са стажам больш за 5 гадоў.

«Наш вопыт — унікальны для Беларусі, і яго дакладна можна паўтарыць у іншых рэгіёнах».

У 2019 годзе ў Беларусі стартаваў праект «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» які фінансуецца Еўрапейскім саюзам, а рэалізуецца ПРААН у рамках ініцыятывы EU4Business сумесна з Міністэрствам эканомікі Беларусі. На сённяшні дзень фінансавую падтрымку атрымалі 75 ініцыятыў, сярод якіх і кобрынская «Школа Бізнесу». Мэта праекта — павысіць канкурэнтаздольнасць малога і сярэдняга бізнесу на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь.

«Мы занялі трэцяе месца з 76 заявак! — горда кажа Сяргей. — Нам не проста далі фінансаванне ад Еўрапейскага саюза, нам прыйшлося вельмі добра папрацаваць, каб атрымаць хоць бы шанец прыняць удзел у гэтым конкурсе. І зараз скажу шчыра — гэта няпростая праца: мы не сядзім склаўшы рукі, у нас 15 сур'ёзных мерапрыемстваў, якія мы рэалізуем па графіку ўжо другі год».

Сярод мерапрыемстваў — распрацоўка і напаўненне свайго інтэрнэт-партала, здымка навучальных відэаролікаў, правядзенне семінараў для ўдзельнікаў школы з запрошанымі трэнерамі з іншых гарадоў, якія дзеляцца вопытам і новымі тэхналогіямі. Таксама «Школа Бізнесу» абзавялася сваім каналам на YouTube, куды выкладвае навучальныя відэа і агляды бізнес-літаратуры. А ўдзельнікі-бізнесмены наведваюць установы адукацыі раёна (у тым ліку сельскія), дзе распавядаюць старшакласнікам і студэнтам аб прафесіі прадпрымальніка.

«Многія ўдзельнікі з суседніх раёнаў адзначаюць, што наш вопыт унікальны для Беларусі, яго сапраўды трэба пашыраць, бо такіх адкрытых і дружалюбных сустрэч прадпрымальнікаў у іншых рэгіёнах яшчэ няма. Я ўпэўнены, ужо зусім хутка "Школа Бізнесу" будзе не толькі ў Кобрынскім раёне, але і ў іншых гарадах нашай Рэспублікі! Але ўсё гэта было б немагчыма без падтрымкі Еўрапейскага саюза. Праект стаў своеасаблівым каталізатарам, які забяспечыў нам вялікі скачок наперад!», — кажа Сяргей Панасюк.

Праект Еўрапейскага саюза фінансаваў куплю неабходнага абсталявання для правядзення адукацыйных мерапрыемстваў, а таксама аплаціў карпаратыўнае навучанне для шасцярых актыўных удзельнікаў «Школы Бізнесу» па самых розных сферах — ад маркетынгу да продажаў.

«Таксама ў бліжэйшы час на нашым партале з'явіцца дыстанцыйны онлайн-курс "Будзь гатовы пачаць свой бізнэс!", які дапаможа ініцыятыўным людзям пакрокава разабрацца, як адкрыць свой бізнэс. Гэта будзе бясплатна для любога чалавека не толькі з Кобрына, але і з любой кропкі Беларусі!», — падсумоўвае Сяргей Панасюк.

З падачы заяўкі «Развівай свой бізнэс у Кобрыне» прайшло крыху больш за год, каронавiрус адсунуў фініш ініцыятывы да лістапада 2021 года, але няма ні секунды сумневаў, што ў «Школы Бізнесу» вялікая будучыня.

Апошнія Гісторыі поспеху
by
29.04.2021
«СветаСлава» — беларускі сямейны бізнес, які пашыраецца і мінімізуе выдаткі з дапамогай кансультацый цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва «Трамплін». Дапамогу цэнтру аказвае Еўрапейскі саюз у рамках ініцыятывы EU4Business.
by
29.04.2021
Сумеснымі намаганнямі можна згарнуць горы. І станцыя тэхабслугоўвання «Максаўта» у г. Маладзечна фактычна зрабіла гэта, не толькі палепшыўшы якасць працы на СТО, але і прынёсшы карысць жыхарам горада.
by
20.04.2021
У Наталлі Строк, дырэктара сацыяльна-культурнай установы «Высакоўскі эколага-этнаграфічны цэнтр» у Бярозаўскім раёне, дзень пачынаецца вельмі рана.

Cookies
Гэты сайт выкарыстоўвае файлы cookie для паляпшэння працы ў браузеры. Даведацца болей
Я адмаўляюся
Я дазваляю