You are using an outdated browser. Please upgrade your browser to improve your experience.
Уверх

У Наталлі Строк, дырэктара сацыяльна-культурнай установы «Высакоўскі эколага-этнаграфічны цэнтр» у Бярозаўскім раёне, дзень пачынаецца вельмі рана.

Тэлефануюць партнёры, кліенты, якіх Наталля кансультуе па тэлефоне, пад'язджае да іх на прысядзібныя ўчасткі, падвозіць саджанцы, насенне і абсталяванне. Жанчына дапамагае мясцовым жыхарам пачаць свой сельскагаспадарчы бізнэс у перыяд пандэміі COVID-19 і эканамічнага крызісу.

Сельскае насельніцтва — адна з найбольш уразлівых груп насельніцтва па беднасці. Паводле даследаванняў Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC, асноўнымі прычынамі беднасці для жыхароў сельскай мясцовасці з'яўляюцца абмежаваныя магчымасці працаўладкавання і нізкі ўзровень аплаты працы — у сярэднім на 20% менш, чым у горадзе.

У перыяд COVID-19, калі многія бізнэсы ў рэгіёнах перажываюць крызіс ці зачыняюцца, а магчымасці працаўладкавання за межамі раёнаў абмежаваныя — адкрыццё новых напрамкаў для бізнесу становіцца асабліва важным для сельскіх жыхароў.

У снежні 2019 года ў рамках супрацоўніцтва з праектам «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам у межах ініцыятывы EU4Business і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь, Наталля адкрыла ў Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці цэнтр падтрымкі агра-эка-прадпрымальніцтва. Тут жыхары раёна бясплатна вучацца інавацыйным тэхналогіям, прынцыпам зялёнай эканомікі, асновам вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці і фінансавай пісьменнасці.

Іншымі словамі, Наталля хоча навучыць суайчыннікаў працаваць на зямлі такім чынам, каб нават на невялікіх прысядзібных участках вырошчваць якасную экалагічна чыстую прадукцыю для сябе і на продаж.

Маленькі бізнэс, якому Наталля навучае сваіх кліентаў, мае вялікі эканамічны эфект — ствараюцца новыя працоўныя месцы, павялічваецца колькасць самазанятага насельніцтва, наладжваецца збыт якаснай, экалагічна чыстай аграпрадукцыi.

Цэнтр дае насенне і саджанцы, навучае пачаткоўцаў агароднікаў будаўніцтву цяпліц і садовых гадавальнікаў, прымяненню інавацыйных тэхналогій працы з агракультурамi. Цэнтр таксама гатовы дапамагчы і з рэалізацыяй вырашчанай прадукцыі. На сённяшні дзень 15 жыхароў раёна ўжо займаюцца агародніцтвам, выкарыстоўваючы насенне і саджанцы, а таксама веды, атрыманыя ў цэнтры. У спецыяльным гадавальніку для раслін, якi зараз будуецца, з выкарыстаннем навуковага падыходу аналізуюцца і адпрацоўваюцца на практыцы метады вырошчвання і апрацоўкі розных саджанцаў кустоў і дрэў без выкарыстання хімікатаў. У далейшым гэтыя тэхналогіі будуць прапаноўваць кліентам цэнтра.

Наталля працуе з рознымі ўзроставымі і сацыяльнымі катэгорыямі насельніцтва: пенсіянерамі, шматдзетнымі сем'ямі, людзьмі з інваліднасцю, дасведчанымі фермерамі, агароднікамі-пачаткоўцамi. Асобную ўвагу Наталля надае працы з дзецьмі і моладдзю, бо гэта будучыня раёна. У Здзітаўскай сярэдняй школе Наталля праводзіць адукацыйную праграму для школьнікаў, на зямельных участках дзеці вырошчваюць галанасенны гарбуз і лекавую каліну — усё для продажу.

Каліна лекавая, галанасенны гарбуз, канадскiя ажыны, шыпшыннік — і гэта толькі пачатак. У планах — вырошчванне і збор лекавых траў для экспарту ў краіны ЕС. Адкрыццё цэнтра калектыўнага карыстання для перапрацоўкі сабранай экалагічнай сыравіны. Стварэнне працоўных месцаў для людзей з інваліднасцю і членаў іх сем'яў — яны будуць шыць экавырабы. Чатыры чалавекі ўжо атрымалі такую ​​працу.

У будучыні на 20 гектарах зямлі Наталля плануе адкрыць эколага-этнаграфічны парк — эка-лабараторыю, якая аб'яднае ў сабе сучасныя агравытворчасці, платформы для даследавання і ўкаранення інавацыйных сельгастэхналогiй, навучальныя пляцоўкі, інфраструктуру для экалагічнага турызму з новымі формамі адпачынку, ужываннем экалагічна бяспечных, энерга — і рэсурсазберагальных тэхналогій.

Жыццёвая гісторыя Наталлі надзвычай цікавая. Будучы аўстрыячкай па бацьку і рускай па маці яна магла б жыць у Аўстрыі, аднак, выйшла замуж за беларуса, некаторы час жыла на дзве краіны. Калі выраслі чацвёра яе дзяцей, вярнулася ў Беларусь канчаткова, каб дзяліцца сваім багатым вопытам і ўвасабляць планы на гістарычнай радзіме. Бо родная зямля надае сіл, а разуменне, што дапамагаеш людзям — адчуванне задаволенасці і шчасця.

«Я люблю займацца бізнесам і люблю працаваць на зямлі. Таму для мяне гэта - бізнэс для душы. Асабліва я рада, што магу далучыць і навучыць інавацыйным метадам маіх землякоў. Упэўненая, што для многіх гэта будзе выхадам з эканамічнага крызісу, асноўным заробкам альбо запамогай да даходу. Мы павінны імкнуцца стаць людзьмі, якія робяць, прыйшоў час выкарыстоўваць веды і вопыт на практыцы. Нават у складаныя часы заўсёды трэба рабіць хаця б адзін крок наперад, кожны дзень», упэўненая Наталля.

Апошнія Гісторыі поспеху
by
14.05.2021
Праект Еўрапейскага саюза дапамог за год вывесці клуб мясцовых бізнэсмэнаў на новы ўзровень — ад нефармальнай супольнасці прадпрымальнікаў да афіцыйнага цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва.
by
29.04.2021
«СветаСлава» — беларускі сямейны бізнес, які пашыраецца і мінімізуе выдаткі з дапамогай кансультацый цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва «Трамплін». Дапамогу цэнтру аказвае Еўрапейскі саюз у рамках ініцыятывы EU4Business.
by
29.04.2021
Сумеснымі намаганнямі можна згарнуць горы. І станцыя тэхабслугоўвання «Максаўта» у г. Маладзечна фактычна зрабіла гэта, не толькі палепшыўшы якасць працы на СТО, але і прынёсшы карысць жыхарам горада.

Cookies
Гэты сайт выкарыстоўвае файлы cookie для паляпшэння працы ў браузеры. Даведацца болей
Я адмаўляюся
Я дазваляю